Home
sb_1 [entries|archive|friends|userinfo]
sb_1

[ website | Слушны музычны партал "Тузін Гітоў" ]
[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

Каранацыя, якая нікому не патрэбная [Mar. 1st, 2008|04:13 pm]
Нам была патрэбная гэтая цырымонія, бо яна колісь вызначала рок-герояў і ўплывала на музычныя густы. Гэта было даўно і наўрад ці цяпер можна лічыць дадзенае сьцвярджэньнем праўдзівым і лягічным. Каранацыі не было два гады, яе пахавалі і можна сказаць, што на яе забыліся. Але ТГ спрычыніўся да яе адраджэньня. Тады, тры гады таму, ўсё выглядала на цыклічнасьць – заміж крызысу, як правіла, надыходзіць уздым. Усё было ў нашых руках і выслоўе пра тое, што запаленыя зоркі камусьці патрэбныя нас заахвочвала. Першая адроджаная Каранацыя была прысьвечана няменскім музыкантам, каб падкрэсьліць тую простую думку, што музычнае жыцьцё віруе ня толькі ў Менску, але і ў Магілёве, Берасьці ды іншых беларускіх гарадах. Другая Наша Каранацыя была скіраваная на тое, каб паказаць усё багацьце айчыннай музычнай культуры, тым і тлумачылася падзяленьне намінацый паводле жанравых прызнакаў, увядзеньне ў кантэкст музыкантаў, якія дагэтуль трымаліся асобна. Што да трэцяй Нашай Каранацыі, то яе пасланьне было цалкам лягічным – толькі лепшыя. Урэшце разам і на адной сцэне. Цыкль завершаны.

Цяпер да акалічнасьцяў: сам умоўна-ганаровы прыз ад шклозавода "Нёман" (“кавалак крышталя”, - як назваў яго адзін з удзельнікаў РК) канчаткова знэвіляваўся, калі неяк па галоўную карону так ніхто і не выйшаў. Каранацыя сталася абавязалаўкай і сумным відовішчам, бо заяўлены фармат – “беларускі аналяг Грэмі” – тут, у нашых умовах, ня можа існаваць. Прызнаньня ўжо прызнаным ня трэба, як і маральныя дывідэнды. Адзін зь сёлетніх выступоўцаў доўга марудзіў з адказам, ці бярэ ўдзел, выставіў нерэальны цэньнік, але урэшце пагадзіўся на прапанаваныя ўмовы, бо "ўсё калісьці пачыналася з Каранацыі", хоць тыя "кароны няма куды ўжо ставіць". Другія, якія маюць ганарар сумерны з бюджэтам вялікага опэн-эйра ў межах Беларусі, нават пагадзіліся, але потым зрабілі выбар на карысьць нейкага карпаратыўніка. Трэція вырасьлі ўжо па-за кантэкстам "Каранацыі" і гэтая суб'ектыўная прэмія для іх анічога не азначае – карона продажаў іх альбома аніяк не падвысіць.
І адных, і другіх, і трэціх можна зразумець. Сваёй справай хочацца зарабляць грошы, а з Каранацыі нават яе арганізатары не маюць прыбытку. Рэй вядуць карпаратывы з аднаго боку і грантавыя канцэрты з другога. Беларускі мікрасьвет падзелены да рэшты і з’яднаць усіх хоць бы на адзін дзень раз на год – справа цяжкая, неўдзячная ды яшчэ і нікому непатрэбная, як высьветлілася. “Рок-імітацыя”, “Рок-імпатэнцыя”, “Недакаранацыя”, - чуецца з усіх бакоў. Рацыя – амаль сьвятая: дэклямаванага прэстыжу няма, сабачкі ды парсючкі да сцэне гэтую праблему толькі паглыбляюць. Выснова таксама простая: правядзеньне агульнанацыянальнай музычнай цырымоніі ў нашых варунках пакуль нямагчыма. Па наступных прычынах:
- Няма ўмоваў для рэалізацыі творчай асобы ў нашай краіне і банальнай Свабоды, як у абстрактным, так і ў практычным сэнсе гэтага слова.
- Няма адпаведнага стаўленьня і ўзаемаагульнай павагі: музыкаў да гледачоў, арганізатараў да музыкаў, музыкаў да арганізатараў, арганізатараў да журналістаў, урэшце.
- Няма агульнай зацікаўленасьці і ўзаемавыгады.
Шмат чаго залежыць ад драбніцаў. Калі афіша такога статуснага мерапрыемства робіцца па прынцыпе “як патаньней”, калі не знаходзіцца грошай на лепшы апарат, калі тэле- і радыё-ролікі беларускай цырымоніі зроблены на мове суседняй краіны, калі няма ані сайта цырымоніі, ані прэс-цэнтра, калі няма месцаў для намінантаў і запрошаных гасьцей, то пра якую імпрэзу з прэтэнзіяй на агульнанацыянальнасьць можа весьціся!?
Шкада, што скрайнім застаецца ў гэтых разборках Глядач, якога зусім не цікавяць разборкі па-за сцэнаю. Які хоча проста ўбачыць Лепшых разам. Але тыя лепшыя разьбягаюцца хто куды ў пошуках лепшай долі. Арганізатары ім нават гарбаты зь печывам прадаставіць ня могуць, што казаць пра большае.
Адчуваньне, што ТГ зрабіў добрую справу, правёўшы гэтыя тры Рок-Каранацыі, застанецца назаўжды. І хацелася бы падзякаваць тым людзям, безь якіх не было бы і гэтага – Юрыю Цыбіну, Вітаўтасу Грыгалюнасу, Сьвеце Гур’евай, Генадзю Шульману і ўсяму “Кляс-Клюбу”.
А таксама – асобная падзяка – гуртам N.R.M, “Дзецідзяцей”, “Фляўс і Кляйн”, “Крамбамбулі”, OSIMIRA, “Палацу”, “Тарпачу”, “Краме”, Neuro Dubel; Аляксандру Памідораву, Аляксею Церахаву, Віктару Сямашку, Юліі Ляшкевіч, Адаму Глёбусу, Яўгеніі Паўлінай, Маше Лагодзіч, Максіму Жбанкову, Алесю Марачкіну, Юрыю Будзьку, Ігару Зныку, Алегу Скарабагатаму, Сяргею Анішчанку, Аляксандру Кульлінковічу і Ўладзімеру Арлову – за хэпі-энд
ТГ заяўляе пры выхад зь ліку арганізатараў і абвяшчае пра стварэньне сваёй музычнай прэміі. Якой яна будзе і што з гэтага атрымаецца – пакажа час. Не памыляецца толькі той, хто нічога ня робіць.
Бывай, Каранацыя!
Сяргей Будкін, галоўны рэдактар парталу “Тузін Гітоў”, прадусар “Рок-Каранацыі” (2005-2007).
link10 comments|post comment

Слова пра P.L.A.N. [Jan. 20th, 2008|02:54 pm]
Андрэя Плясанава можна паважаць хоць бы за ягоны гарт ды імпэт, які з набліжэньнем да адзнакі ў 60 год ня толькі не згасае, але ўзмацняецца – ён гарыць сваімі праектамі і намагаецца запаліць імі кожнага, каго сустракае на сваім шляху. Чалавек настолькі апантаны творчасьцю, што можа без супынку распавядаць пра свае пляны ды новыя песьні, больш за тое – ён гатовы іх сьпяваць у кожную хвіліну дня і ночы. І няважна – па тэлефоне, альбо на імправізаваным канцэрце ў сядзібе БНФ ,альбо на вялікай сцэне. Лідэр гурта P.L.A.N. валодае такой якасьцю, якую не маюць шмат якія беларускія музыкі – гэткай прабіўной лабавой нахабнасьцю, пярэчыць якой мала хто наважыцца.
Ён не кажа, ён чаруе – і таму яго запрашаюць і ў этэр БТ і на канцэрт-мітынг “Песьні свабоды”. Але Андрэю і таго мала – ён працягвае ціснуць на кожнага дасяжнага яму музычнага рэдактара, прадусара ды журналіста. “А чаму ў галасавалцы на ТГ, прысьвечанай “Каранацыі” няма майго гурта”, - пытаецца ён і мае на гэта права. Як і рэдакцыя ТГ мае права сама вырашаць каго згадаць у апытаньні і каго паставіць у чародны тур чарту. А вось якраз на гэтую акалічнасьць шаноўны Андрэю забываецца. Падаецца, што ён думае, што ўсе нешта мусяць яму і калі аддачы няма – пачынаюцца крыўды. Ігнор, забарона, трэцяга не дадзена.
Нядаўна газэта “Пераходны ўзрост” адмовілася друкаваць рэцэнзію яшчэ аднаго шаноўнага чалавека – Вітаўта Мартыненкі (дарэчы, аўтара шмат якіх песень Плясанава) – на апошні альбом гурта P.L.A.N. З падачы лідэра гурта, ТГ меўся пра гэта таксама напісаць. Але матэрыял на нашым партале быў таксама “зьняты”, праўда яшчэ да яго напісаньня. І вось чаму: Андрэю паведаміў нам гэтую прыкрасьць пра “Пераходны ўзрост” якраз у дзень, калі звольнілі Праляскоўскага. Даведаўшыся гэта ад нас, музыка на наступны дзень заяўляе ў інтэрвію радыё Свабода: “Гэта (зьняцьцё рэцэнзіі В.Мартыненкі - ТГ) наўпрост зьвязана зь пераходам на іншую працу былога кіраўніка галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Алега Праляскоўскага”. Піярыцца за кошт забаронаў прыдумаў не сп.Андрэй, але ж піярыцца ў сувязі з кадравымі зьменамі ў дзяржаўных структурах выглядае на яго вынаходку. Пасьля гэтага неабходнасьць паведамляць пра гэтую, мякка кажучы, недарэчнасьць наведнікам ТГ неяк адпала сама сабою. Падаецца, што P.L.A.N. сьвядома пнецца ў лік “забароненых (ня будзем тут згадваць імкненьні Андрэя трапіць на складанку “Бумэранг”), але пры гэтым марыць (і часта дасягае таго) пра этэры на дзяржаўных тэле- і радыёканалах.
І ўсё бы нічога, каб шаноўны творца спакойна піярыўся наколькі яму дазваляюць магчымасьці, час і сумленьне. Але ж яго апаноўвае “тэорыя змовы”, калі ён не атрымлівае чаканага выніку. Тады на гарэхі дастаецца ўсім. Сытуацыя як для творчай прасторы досыць банальная, але хацелася бы заклікаць паважанага Андрэя (і некаторых іншых музыкаў, што любяць займацца такімі выпінаньнем): будзьма адэкватнымі! Давайце будзем спрабаваць прызнаваць той факт, што вы не ў змозе пакуль сабраць сольны канцэрт; што асноўная частка вашых песень сапраўды аніяк ня можа прагучаць у радыэтэры чыста з тэхнічных прычынаў; што ваш альбом зусім не трапляе ў лік лепшых зноў жа з прычынаў не належнага ўзроўню матэрыялу і малога попыту на яго, а за вашу песьню сапраўды актыўна не галасуюць, як бы яе не накручваў ваш блізкі сябра…
Калі мы станем больш патрабавальнымі і аб’ектыўнымі да сваёй пэрсоны і сваёй творчасьці, тады і ўсе мары зьдзейсьняцца без праблемаў.
link2 comments|post comment

Zona [Dec. 18th, 2007|11:57 am]
Раней ня мог напісаць. Зьезьдзілі ў Чарнобыльскую зону. З гэтага атрымалася чатыры праграмы:

1. Закінутыя вёскі

http://racyja.by/fileadmin/multimedia/audio/asnounyja_temy/04122007Padarojja_pa_Zone_.mp3

2. Чарнобыль

http://racyja.by/fileadmin/multimedia/audio/asnounyja_temy/05122007Padarojja_pa_Zone2.mp3

3. ЧАЭС
http://racyja.by/fileadmin/multimedia/audio/asnounyja_temy/06122007Padarojja_pa_Zone_.mp3

4. Прыпяць
http://racyja.by/fileadmin/multimedia/audio/asnounyja_temy/padarojja_pa_zone_4.mp3


Тэкставыя вэрсыя праграм і фоткі тут:

http://racyja.com/navina.html?&tx_ttnews[pS]=1196722800&tx_ttnews[pL]=86400&tx_ttnews[pointer]=1&tx_ttnews[tt_news]=7544&tx_ttnews[backPid]=7&cHash=fcd59eb9a2

http://racyja.com/navina.html?&tx_ttnews[tt_news]=7595&tx_ttnews[backPid]=7&tx_ttnews[pS]=1196809200&tx_ttnews[pL]=86400&cHash=202d88c938

http://racyja.com/navina.html?&tx_ttnews[tt_news]=7616&tx_ttnews[backPid]=7&tx_ttnews[pS]=1196895600&tx_ttnews[pL]=86400&tx_ttnews[pointer]=2&cHash=36967e134e

http://racyja.com/navina.html?&tx_ttnews[tt_news]=7758&tx_ttnews[backPid]=7&tx_ttnews[pS]=1197241200&tx_ttnews[pL]=86400&cHash=1faf97c7af

Магу сказаць, што працаваць было ве-е-ельмі цікава.
link1 comment|post comment

Важна! [Nov. 17th, 2007|08:59 pm]
Выглядае на тое, што фэстываль «Рок-Кола» на Полаччыне прайшоў у апошні, 17-ты раз. Пастанова полацкіх сілавікоў: «Прыпыніць дзейнасьць рок-фэстывалю ў Полацку. Адзначыць незадавальняючую падрыхтоўку фэстывалю беларускай музыкі 26-27 кастрычніка і лічыць нямэтазгодным правядзеньне фэстывалю «Рок-Кола», бо яно не падпадае гістарычнай, духоўнай спадчыне горада Полацка і праваслаўю. Рэкамэндаваць асобам, што адказваюць за духоўнае выхаваньне моладзі ўстрымлівацца ад правядзеньня падобных мерапрыемстваў». Арганізатары «Рок-Кола-2007»: «Мы будзем праводзіць фэстываль. Няхай сабе па-за межамі Беларусі».

Тое, што ў арганізатараў «Рок-Кола» могуць паўстаць праблемы стала зразумела на другі дзень апошняга фэстывалю. Пасьля першага дня на будынку гарвыканкаму, на аўтобусе беларускага тэлебачаньня, якое працавала ў горадзе на іншай імпрэзе, і на некалькіх дамах Полацку зьявіліся надпісы кшталту «Жыве Беларусь!», а на адным з будынкаў у цэнтры гораду ўзьняўся бел-чырвона-белы сьцяг. Дырэктар і заснавальнік фэстывалю «Рок-Кола» Сяргей Анішчанка ў інтэрвію ТГ кажа: «Я хачу сказаць гэтым хлапчукам, што тое зрабілі: гэта ня мэтады сёньня, мы перакрэсьлілі ўсю 17-гадовую гісторыю „Рок-Кола“. Я не зважаю на свае погляды, але заўжды кажу: ня трэба блытаць палітыку і музыку!»

У выніку празь некалькі дзён пасьля фэстывалю адбылося паседжаньне ў мясцовым гарвыканкаме з удзелам прадстаўнікоў спэцслужбаў. Негледзячы на тое, што гарадзкія ўлады заўжды падтрымлівалі правядзеньне гэтага фэстывалю, вэрдыкт быў такі: «Прыпыніць дзейнасьць рок-фэстывалю ў Полацку. Адзначыць незадавальняючую падрыхтоўку фэстывалю беларускай музыкі 26-27 кастрычніка і лічыць нямэтазгодным правядзеньне фэстывалю „Рок-Кола“, бо яно не падпадае гістарычнай, духоўнай спадчыне горада Полацка і праваслаўю. Рэкамэндаваць адказным асобам, што адказваюць за духоўнае выхаваньне моладзі ўстрымлівацца ад правядзеньня падобных мерапрыемстваў».

Гэтае рашэньне Сяргей Анішчнака ня можа камэнтаваць: «Мы ўсяго тры гады праводзілі фэстываль у Полацку, дагэтуль ён заўжды праходзіў у Наваполацку. Людзі і так дзівіліся, чаму нам гэта ўдавалася. Мы намагаліся гэта рабіць, як мага лепей і, здаецца, знаходзілі станоўчы водгук. Тое, што адбылося зараз – не магу камэнтаваць. Мяркую, што цяпер мне не дадуць тут нічога рабіць, ды я і сам ня буду. Навошта, калі так…»

Між тым, «Рок-Кола» хочуць бачыць у Смаленску. Зацікаўленасьць фэстывалем выказаў нават мэр гораду. У бліжэйшы час прадстаўнікі дырэкцыі беларускага фэстывалю маюць выехаць у Расею на перамовы. Прадусар «Рок-Кола» Аляксандар Рагачоў упэўнены: «Рок-Кола мае быць. Ня будзе ў Полацку, будзе недзе па-за межамі краіны. У Смаленску нас чакаюць. Шкада толькі, што Беларусь пазбавіцца адзінага рок-фэсту з такой багатай гісторыяй».

Сяргей Анішчанка з гэтай нагоды толькі з сумам дадае: «Не далі няпоўнагадоваму дзіцёнку дажыць да 18 год».

P.S. У ТГ ёсьць інфармацыя, што падзеі вакол «Рок-Кола» могуць быць зьвязаныя з прызначэньнем у Полацак новага старшыні мясцовай філіі КГБ. Менавіта ён заступіў на сваю пасаду якраз пасьля фэстывалю і нібы выказаў незадаволенасьць з нагоды правядзеньня. Назад у Наваполацак фэстываль таксама наўрад ці можа вярнуцца, бо там таксама на днях адбыліся зьмены ў гарадзкім кіраўніцтве. Ёсьць яшчэ шэраг прычынаў, якія пакуль мы ня можам назваць. ТГ будзе сачыць за гэтымі падзеямі.
link1 comment|post comment

(no subject) [Nov. 10th, 2007|12:28 pm]
Гаварыце - мы вас слухаем:)

http://www.nestor.minsk.by/mg/forums/2007/11/080200.html
linkpost comment

Не магу маўчаць [Nov. 9th, 2007|12:17 pm]
Моцна кранула
http://punk786.livejournal.com/8069.html

Я хвігею з вас, народзе! Канцэрт ладзіў "Тузін Гітоў" (у маёй асобе) пры падтрымцы БМА-груп у асобе Віталя Супрановіча (відаць таго самага, "з каменным тварам"). Чакаў, што незадаволеныя знойдуцца, але ж, каб такія ашалелыя ашалоткі з сваім гіпэрмаксымалізмам кідаліся брудам проста ў твар - то не. Не зьбіраюся анічога даводзіць, дастаткова таго, што ўжо напісана маёй рукою на Рацыі і на ТГ.

Скажу толькі асноўнае: ідэя канцэрта - Аркуша, рэалізацыя - ТГ і БМА, дапамога - тэатар "Зьніч" і студыя "Осмас", згода - ад выступоўцаў і вядучага. Усе працавалі бясплатна. За выняткам платы за апарат ды інш. тэх.дробязі ўсе сабраныя грошы - 2 755 860 брб і 100 расейскіх рублёў былі перададзены аўтару помніка Геніку Лойку.

Такая была мэта - сабраць грошы. І як мага болей. 20 000 - плата за эксклюзыў, ідэю, а да ўсяго агульная сума, што ўвасабляецца матэрыяльна. Калі нават ахвяраваньняў будзе болей, чым таго вымагае помнік, то грошы пойдуць на карысную справу. Неўпарадкаваная магіла яго бацькі, ёсьць ідэя зрабіць музэй Сыса ў Гарошкаве і г.д.

А незадаволеным чымсьці - раю хадзіць, халера ясная, на ГрОБ там ці Крематорій.

Мяркую, што нейкіх прабачэньняў у прыхільнікаў Ягора патрабаваць ня варта. А мо і прыйдзе ўсьведамленьне таго, што 3 лістапада ў Чырвоным касьцёле ўдзельнікі і гледачы зрабілі Годную Справу???
link18 comments|post comment

Чыста беларускае ныцьцё [Aug. 11th, 2007|07:36 pm]
Часам падаецца, што скептыкаў-назіральнікаў у нас куды болей чым аптымістаў-актывістаў. Да такой думкі можна прыйсьці, калі проста прааналізаваць водгукі на рэшту з беларускага незалежнага даробку ў апошнія гады ў палітыцы ці то ў культуры. Адкрылі незалежную радыёстанцыю або тэлеканал? Хай узьнялі першымі свае: во, маўляў, грантасосы, там падсмакталі, пайшлі знайшлі новую крыніцу. А во зусім блізка да тэмы. Адрадзілі энтузіясты “Каранацыю” пад ныцьцё-выцьцё, што выступаць не даюць нашым рок-мэнам і рок-вумэн. А на халеру, выявілася, тая “Каранацыя”. Ізноў пачалося ныцьцё: ня так, ня там, ня з тымі. Яшчэ і па выніку атрымалі ня тыя, ня з тых рук ды ня тым чынам. Самы апошні выпадак з сфэры беларускага незалежнага музычнага мастацтва. “Хоспадзі, яны забілі “Басофішчо”!!! Гэтыя словы ўжо належаць канкрэтнаму чалавеку і сказаныя ў канкрэтны адрас. Таму адзін з адрасатаў мусіць адказаць.

Тэма ныцьця ў Беларусі мае глыбокія карані. Ня будзем тут ужо згадваць які “Трэнас” Сматрыцкага, але ж сяганем на пачатак мінулага стагодьдзя – калі ныцьцё квітнела ў нашай “гаротнай старонцы”. Напраўду, як сьведчыць гісторыя, было ня лёгка. Дзе тут знайсьціся пазытыву? Занядбаны народ, сьляпы, глухі, як пісалі тагачасныя паэты. “Край наш родны, бедна поле//Ты глядзіш, як сірата//Сумны ты, як наша доля…”. От так, от. Тэму ныцьця першым ўзьняў Ластоўскі. Прасіў супакоіцца ды не ганіць наш край, які не такі ўжо і страшэнны: “Плакаць і я ўмею…Чаму ня вучыце нас любіць і разумець гоман бору, плеск вады ў сонцы, задуму зьмеркаў?”.

Вернемся ў наш час. “У нас ня можа быць пазытыўнай музыкі”, - кажуць скептыкі, усё падкалываючы ў сувязі са зьяўленьнем на той жа “Каранацыі” падобнай намінацыі ды, відаць, у сувязі з прапановай “Ляпісу” ды “Крамбамбулям” выступіць на тых жа “Басах”. Э, пазытыву захацелася? Пазытыў, маўляў, апошняя куля ў цела нашай культуры наогул і фэстываля-пастумэнта ў прыватнасьці. Анягож. Выконваў колісь гурт “Уліс”, на які ў наш час мо і падзабыліся, такую песьню са словамі як быццам Ластоўскага пачатку 90-х гг. – Фэлікса Аксёнцава: “Хопіць сумных песень пра сваю старонку!”. Прайшло яшчэ трохі часу – год з 15. Але скептыкаў як мінімум не паменела. Якое! Усё ф топку, кожная ідэя разглядаецца пад павелічальным шклом і як правіла тупа ганіцца, а музыканты ўсё пра тое: калі пра Беларусь, то з патасам ды са сьлязінкай на вачох… Вунь сёлета на “Басы” заяву падаў гурт з характэрнай такой назвай беларускай – “Крыўда”. Зразумела, што падставаў для аптымізму ў наш час ня так і шмат, але што будзе, калі мы ўсе сядзем разам і будзем а-а-а? То-не то, ды і наогул на халеру прыцягнулі ангельскамоўных ды расейскамоўных на Наш Фэст, дзе сабраліся Мы-Беларусы.

Але ж няўжо не зразумела, што цяпер мы маем куды болей магчымасьцяў, чым сучасьнікі Ластоўскага? І ў палітыцы, і ў творчасьці, і ў мэдыя-плыні.
Ёсьць прапанова – ныцьцё на колькі хвілінаў спыніць. Ёсьць чым заняцца: у нас сапраўды ёсьць пару фэстываляў, якія пры жаданьні ды крэатыўнасьці можна ўзьняць да высокага ўзроўню. Каб там выступалі ўсе годныя, у незалежнасьці ад нейкіх ідэйна-стылёвых забабонаў. Тады і народ пацягнецца. Пакуль жа займаецца Анісам сваім “Рок-Кола”, Цыбін намагаецца “Каранацыю” цягнуць, а Дамброўскі ўтрымаць “Басовішча”, а ўсе астатнія вакол стаяць, схрысьціўшы рукі і сьлюны ў рот набіраюць, каб плюнуць. А яшчэ можна працягваць адначасова працаваць на карысьць нашай культуры: несьці беларускае слова ў цэлы сьвет, банальна кажучы. А менавіта: абеларушчваць усё ды ўсіх на шляху. Рабіць гэта ненавязьліва ды з душою, тым самым выходзячы за межы. І яшчэ. Можна ствараць новыя музычныя творы, якія могуць абудзіць, змусіць задумацца, альбо быць проста так! Во, можа тады, прынамсі, можна будзе сказаць, што “я жыў”, а не паміраць у крыўдзе на ўсіх і на ўсё.

Дадзены камэнтар – рэфлексія на публікацыю http://belgazeta.by/20070730.30/360194581
link13 comments|post comment

(no subject) [Mar. 24th, 2007|04:22 pm]
http://music.fromby.net/article/600/

дзіва, але гэта якраз той марцыновіч, што рабіў "песьнярок" і граў у гурце "отраженіе". праўда, потым, відаць, у яго нешта здарылася з мазгой і ён зьняў кліп пра дембель групы "механіка". а во зараз на брсм працуе...

у гэтай сытуацыі абсалютна незразумела пра што думалі "тарпачы" з "крокамі". як можна мець такі нізкі ўзровень недальнабачнасьці...

па-праўдзе тут болей шкада клясны калектыў "камэрата", якія павязаныя працай у філярмоніі і проста вымушаныя граць там, дзе кажуць. на іх месцы мог бы быць "палац":).
linkpost comment

Пра Боба [Mar. 21st, 2007|03:36 pm]
Боб Марлі - клясны музыкант, і зьяўленьне праектаў, прысьвечаных яму, варта ўхваляць. Але толькі не такім чынам, як тое робяць нейкія незразумелыя польска-беларускія функцыянэры. Канцэрт, прысьвечаны растаману Бобу, на Дзень Волі ў цэнтры Варшавы - гэта нейкае трансцэндэнтальнае трызненьне. У любы іншы час і пад іншай назвай - выглядала бы несамавіта, але ў гэты дзень, калі ў Менску дручкі будуць лятаць па галовах, ды яшчэ пад соўсам "Салідарны зь Беларусьсю" - тое выклікае як мінімум тупаватую ўсьмешку. Які на халеру Боб, якія могуць быць новумэннокрай у гэты дзень?! Такінданг з "Рэха" - малайчына, ён адмовіўся. Але шаноўная плойма нашых зорак будзе скакаць па варшаўскай сцэне ў жоўтых апранахах на пацеху палітаглядальнікам з бт... Апраўданьні кшталту - нам не даюць тут граць - у дадзеным выпадку ў разьлік не ідуць, падаецца так. А грошы ўсім патрэбныя, у тым ліку і арганізатарам гэтай дзеі. Якія рэалізуюць нейкія свае амбіцыі з дапамогай нашых гаротных музыкантаў...
link2 comments|post comment

як прымалі канстытуцыю [Mar. 15th, 2007|05:17 pm]
[Tags|]

Роўна трынаццаць год таму ў авальнай залі дома ўраду ў Менску дэпутаты вярхоўнага савету 12-га скліканьня прынялі найважнейшы дакумэнту – Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

Мечыслаў Грыб, які на момант прыняцьця канстытуцыі зьяўляўся старшынём вярхоўнага савета. Ён кажа, што гэты дакумэнт быў прыняты своечасова, хоць зважае на недапрацаванасьць праекту. Увядзеньне інстытута прэзыдэнцтва былы сьпікер лічыць слушным, але з адной агаворкай
...

Былы сьпікер распавядае, што шмат хто ўхіляўся ад прыняцьця рашэньня, не прыходзілі на паседжаньні – сядзелі ў гатэлях ды пілі
...

(Таму прадстаўнікі фракцыі “Беларусь” прапанавалі зрабіць галасаваньне больш працяглым – каб прыцягнуць болей дэпутатаў саму працэдуру падоўжылі да пяці дзён).

Інакш ацэньвае зацягнутую працэдуру прыняцьця Канстытуцыі Зянон Пазьняк – на той час ён ачольваў дэпутацкую групу апазыцыі бнф у вярхоўным савеце. Палітык таксама кажа пра своечасовасьць рашэньня аб прыняцьці дакумэнта, і дэпутаты ад бнф узялі актыўны ўдзел у яго распрацоўцы.
...

Большасьць у парлямэнце на той час якраз мела праўрадавая фракцыя “Беларусь”, кіраўнік якой Генадзь Казлоў тады займаў пасаду намесьніка начальніка Ўпраўленьня грамадзкай бясьпекі і абароны Саўміну. Менавіта ён прапанаваў увесьці інстытут прэзыдэнцтва. Ён жа і прапанаваў галасаваць іменнымі бюлютэнямі, каб у працэдуры ўзялі ўдзел як мага болей дэпутатаў. Праз трынаццаць год мы знайшлі Генадзя Казлова – цяпер палкоўніка на пэнсіі. У інтэрвію Рацыі ён прыгадаў тыя падзеі.
...

Былы кіраўнік фракцыі “Беларусь” Генадзь Казлоў кажа, што існавала ідэя абраньня прэзыдэнта не ўсенародным галасаваньнем, а парлямэнтам. Але тую прапанову заблякавала фракцыя бнф.

Чаму ўсё ж большасьць дэпутатаў не падтрымала прапанову апазыцыі бнф– тлумачыць тагачасны апанент Зянона Пазьняка.
...

Сам Зянон Пазьняк на пытаньне, як ён ставіцца да тых палітыкаў, якія ня здолелі прадбачыць сытуацыі, і па-сутнасьці пралічыліся, адказвае...

Анатоль Лебедзька ў той час у вярхоўным савеце прадстаўляў у парлямэнце інтарэсы прэзыдэнта Лукашэнкі і ўваходзіў у дэпутацкі рух “Новыя імёны – новая палітыка”. Прадастаўнікі гэтай групы тады адмовіліся галасаваць за праект Канстытуцыі. Спадар Лебедзька ўзгадвае, чаму было прынята такое рашэньне.
...

Тым ня менш, заўважае Анатоль Лебедзька, хоць ён і не галасаваў за прыняцьце Канстытуцыі, потым цягам усіх наступных год яму давялося яе абараняць.
...

Усе сёньняшнія суразмоўцы разыходзяцца ў сваіх ацэнках што да падзеяў недалёкай мінуўшчыны, але ўсе сыходзяцца ў адным – прыняцьце Канстытуцыі – па-сутнасьці першага асноўнага дакумэнта незалежнай Беларусі – значная падзея ў найноўшай гісторыі. Пры гэтым Дзень Канстытуцыі чамусьці не адзначаецца ў Беларусі на дзяржаўным узроўні. Гэта якраз і сьведчыць пра стаўленьне ўладаў да асноўнага закону краіны.


на сайце racyja.com зьвечара будзе mp3
linkpost comment

(no subject) [Mar. 12th, 2007|12:51 pm]
[Tags|]
[music |Тройца - Ведзьма]

З новага навучальнага году беларускія школьнікі мажліва што ня будуць чытаць творы шматлікіх прадстаўнікоў сучаснай беларускай літаратуры. Такое пажаданьне было выказана дзяржаўнымі чыноўнікамі і разасланае з грыфам “для службовага карыстаньня” ва ўсе ўстановы, што адказазваюць за забесьпячэньне сярэдняй і сярэднеспэцыяльнай адукацыі. Сярод зьмяненьняў, якія маюць увайсьці ў школьныя праграмы: выключэньне “Тутэйшых” Купалы – п’есу прапануецца замяніць на лірычныя вершы паэты; абавязковай для навучаньня мусіць стаць аповесьць Васіля Быкава “Сотнікаў” замест “Аблавы”. Выкарыстаньне твораў Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна прапануецца мінімізаваць, а творы Сьвятланы Алексіевіч, Вольгі Іпатавай, Уладзімера Арлова, Міхася Скоблы, Вітаўта Чаропкі – названых ў дакумэнце апазыцыйна настроеных пісьменьнікаў сярэдняй рукі – наогул выключыць са сьпісаў літаратуры для чытаньня. Вядзецца таксама пра выключэньне з ілюстраваных матэрыялаў твораў мастака Алеся Марачкіна.

Намесьнік старшыні саюзу беларускіх пісьменьнікаў Міхась Скобла ўжо знаёмы з гэтым “службовым дакумэнтам”. Ён дапускае, што можна замяняць творы ў школьных праграмах, але не такім бязглуздым чынам. Літаратару гэты дакумэнт падаецца асабліва цынічным, у тым ліку з той прычыны, што ў год юбілею Янкі Купалы з праграмы прыбіраюць “Тутэйшых”.


Генадзь Бураўкін – адзін з тых пісьменьнікаў, выкарыстаньне твораў якога настаўнікам прапануецца мінімізаваць. Ён заўважае, што на гэты год прыпадае страшнае супадзеньне – круглая дата рэпрэсіяў трыццаць сёмага году. Пісьменьнік выказвае спадзеў, што гісторыя не паўтарыцца з такой жа дакладнасьцю

Пісьменьнік Пятро Васючэнка ўжо дзесяты год зьяўляецца загадчыкам катэдры беларускай мовы і літаратуры менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсітэта і ўваходзіць у навукова-мэтадычную камісію пры міністэрстве адукацыі Беларусі. Менавіта гэтая камісія зацьвярждае новыя школьныя праграмы па беларускай літаратуры. Ён кажа, што выключэньне з праграмы “Тутэйшых” і “Аблавы” папросту немагчыма ўявіць, але дапускае, што некаторыя творы маглі падпасьці пад скарачэньне ў сувязі з агульным скарачэньнем колькасьці гадзінаў.

Тут варта распавесьці, які шлях праходзіць праект школьнай праграмы: спачатку па дамоўленасьці з інстытутам адукацыі аўтары распрацоўваюць сам праект, атрымліваюць водгук ад навукоўцаў-рэцэнзэнтаў, затым праграмы праходзяць праз камісію пры міністэрстве адукацыі. Але гэта яшчэ ня ўсё – далей праект ідзе вышэй – у прэзыдуюм ураду міністэрства, апошняй інстанцыяй – зьяўляецца адмысловая ўрадавая камісія. Гэта значыць, што зьмены ў праект можна ўнесьці ўжо пасьля прахаджэньня таго праз навуковую камісію. Паводле апошняга распараджэньня, можна зрабіць выснову, што апошняй інстанцыяй у зацьвярджэньні зьяўляецца сэнатар і старшыня праўладнага саюзу пісьменьнікаў Міхаіл Чаргінец. Аднак, сам Чаргінец тое адмаўляе - ён цяпер у водпуску, паперы той ня бачыў. Сам ён прызнаўся, што супраць выключэньня з праграмаў твораў Гілевіча, Барадуліна, Быкава ды іншых

Юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч падрабязна вывучае гэты ліст, скіраваны ва ўстановы адукацыі і кажа пра намер абскардзіць дзеяньні чыноўнікаў у судзе.


Адзін з тых творцаў, якія ў дакумэнце названыя апазіцыйнымі пісьменьнікамі сярэдняй рукі – Ўладзімер Арлоў – кажа, што ў тым варта чытаць творы, у тым ліку і яго – лепей за суд і чыноўнікаў разьбяруцца самі чытачы.
linkpost comment

нафта [Mar. 9th, 2007|04:46 pm]
А о - тэліў у Лукойл, каб дазнацца, а чаго гэта яны перапынілі пастаўку нафты. А той дзядзя кажа, а не - пастаўляем мы ўсё, як мае быць. Дык а халеры ўсе схапіліся, - пытаюся. І той ужо адкрыўся: ну, тыпу, ёсьцека такія-сякія зьмены - мы вось тут схему пастаўкі памянялі (на яго мове - не прадаем болей праз працэсінг трайдэрам), бо ня надта клясна на вашым рынку пачуваемся. О як, аказалася - даюць цяпер нам непераапрацаваную нафту, значыць. А тут вось якраз бэнзынчык падаражэе, але пра тое ўсе дазнаюцца постфактум, бо ў нас аказваецца інфармацыя пра сытуацыю на рынку нафтапрадуктаў - дзяржаўная таямніца (http://afn.by/news/view.asp?newsid=84030#data). Апупена.
linkpost comment

Тройца [Mar. 9th, 2007|12:21 pm]
"Тройца" - адна зь першых беларускіх груп, якую пачуў у больш-менш сьвядомым узросьце. У 97-м годзе, памятаю, узяў у кагосьці тройчы перапісаную касэту зь іх першым альбомам - як пакаціла: тое было дзіўна, нечакана, сьвежа...Пасьля таго намагаўся не прапускаць аніводнай іх песьні. Заходзіла файна, але ўсё перасьледавала думка: нечага не стае ў іх музыцы. І вось з новай песьняй Кірчука прыйшло разуменьне чаго менавіта не ставала, па-мойму, Тройцы - электрагітары і бубнаў. Хард-фолк ад "Тройцы"!

http://music.fromby.net/mp3/trojica_viedzma.mp3
linkpost comment

(no subject) [Mar. 6th, 2007|02:15 pm]
Кіраўнік аддзелу культуры менгарвыканкаму,які выдае, а часьцей не выдае дазволаў на правядзеньне ў Менску рок-канцэртаў, Анцыповіч Уладзімір - куды больш адэкватны за свайго папярэдніка Хамянкова. З тым размова заўжды была кароткай - зь якой прычыны ня далі дазволу? . - Нічога ня ведаю, нічога не скажу, - чулася ў адказ. Анцыповіч належыць да той катэгорыі людзей, якая спачувае, але нічога зрабіць болей ня можа. Калісьці ён працаваў у аддзеле музычных ансамбляў у мінкульце, суправаджаў у замежных паездках айчынныя калектывы. Кажуць, што меў неблагія шанцы колісь заняць пасаду намесьніка міністра культуры, але не склалася. Таму далі месца Начальніка Ўсёй Менскай Культуры. У прынцыпе, чалавек разумны, прыязны і дзяржаўная служба яго не папсавала. Але боязь ёсьць: маўляў, усё мы з вамі ведаем і нічога не ў стане зрабіць. Ён супраць перамешваньня музыкі з палітыкай, бо такім чынам айчынныя рок-мэны не спрыяюць небясьпецы нашай краіны. Кажа: "Нідзе ж акром Беларусі, музыкі не ўдзельнічаюць у палітычных гульнях, выбарах. Вы ж павінны гэта ведаць, калі вы такі абазнаны ў музыцы чалавек". Вой, кажу, а як жа плойма гуртоў антыбушаўскай скіраванасьці, "Грын дэй" там які, ці тое "Последніе танкі в Паріжы". Гонар чыноўніка, ён амаль пагадзіўся з тым: "Ага, мы ведаем, што такое рок-музыка, можна і так, і так падыхозіць да яе".

падрабязьней і афіцыйней тут - http://music.fromby.net/article/564/
link5 comments|post comment

Сем справаў, сем лёсаў [Mar. 5th, 2007|01:03 pm]
Наважыўся на крымінальную праграму на Рацыі - пра жанчын, якія трапілі ў абсалютна дзівосныя сытуацыі. У адной зь іх - сына пасадзілі за забойства маленькай стрыечнай сястры на 24,1 году, а яна сабрала доказы таго, што ў дзень забойства яго не было ў горадзе. Прызнаньне ж сьледчыя выбілі зь яго, закрыўшы ў сэйфе... У другой ня менш жахлівая гісторыя - яе сын жыў разам са сваёй жонкай і трыма дзеткамі ў Маладэчне. Усё ішло ў гэтай сям’і сваёй чаргой ,але адным днём у хату ўварваліся незнаёмцы - той абараняўся ды забіў аднаго зь іх нажом - 18 год калёніі.

Сёньня праграма №5 на Рацыі ў 21.15 гісторыя жанчыны, сын якой быў зь невядомых прычын забіты на паляваньні. Справу так і не завялі, спісалі ўсё на няшчасны выпадак,яна каб дабрацца да Шэймана, нават у ініцыятыўную групу Дукашэнкі ўвайшла і прарвалася ў кабінэт да Шэймана...
link2 comments|post comment

(no subject) [Feb. 28th, 2007|11:48 am]
Ці варта праводзіць “Рок-Каранацыю” у сучасных беларускіх умовах, калі выканаўцы адлучаныя ад дзяржаўных мэдыяў, канцэрты забараняюцца, а ў “чорных сьпісах”, распрацаваных супольнымі намаганьнямі ідэалягічнага аддзелу Адміністрацыі прэзыдэнта і Мінкультам прысутнічаюць ня толькі назвы камандаў, што муляюць чыноўніцкае вока, але і канкрэтныя асобы. Раней у тых сьпісах былі пазначаны толькі тыя, хто выступіў на мітынгу ў ліпені 2004 году. Потым ён стаў пашырацца. І цяпер арганізатарам канцэртаў раяць не выпускаць на сцэну ня толькі N.R.M., “Краму” ды “Палац”, але і асобна Вольскага, Варашкевіча і Хаменку. Гэтых сьпісаў насамрэч не існуе афіцыйна, але яны перадаюцца з вуснаў у вусны, і паступова гэта ўспрымаецца, як непахісная дадзенасьць. Неяк з прапановы аднаго з карэспандэнтаў БТ распавядаў пра выхад дыску “Прэм’ер Тузін”. Здымкі праходзілі ля музэю Вялікай Айчыннай на Кастрычніцкай, таму адразу падбеглі два амапаўцы, якія ўзяліся ўважліва вывучаць нашы дакумэнты і рэчы. Убачылі той “тузіноўскі” дыск і адзін зь іх выдаў: “Дык, а хіба можна казаць пра гэты дыск – тут жа песьня Нэйра дзюбелю?!”.

Зоркі
Казаць – не казаць, запрашаць – не запрашаць, - гэта асабісты выбар арганізатара канцэрта, фэстывалю або цырымоніі. Абярэш другі варыянт – не паўстане непатрэбных праблем. Але захочаш зрабіць па праўдзе – чакай складанасьцяў. Будзь гатовы адстойваць права аднаго з самых папулярных музыкаў краіны (!) выйсьці на сцэну (!). Гэтая “Рок-Каранацыя” прайшла ў самых брутальных традыцыях рок-канцэртаў 80-х гадоў: назвы выканаўцаў ды іх тэксты ўзгадняліся, музыкі былі падзелены на “непажаданых” ды “астатніх”. Дзеля справядлівасьці варта сказаць: прадусары цырымоніі праціснулі ўсё, што хацелі. З уліку ўласнай самацэнзуры. І тут паўстала іншая праблема: тым нашым знаным музыкам ня надта таго і хацелася. З аднаго боку можна зразумець, напрыклад, Ігара Варашкевіча: матэрыяльнай зацікаўленасьці ў гэтым ён не мае (удзельнікам цырымоніі грошы ня плоцяцца), а дзеля ідэі ён ужо наіграўся ў папярэднія 25 год. Але з іншага боку публіка патрабуе яго, Вольскага, Кульлінковіча і не прызнае больш аніякіх аўтарытэтаў.

Публіка
Аўдыторыя “Каранацыі” – заўжды была своесаблівай. Яна параўнальная з публікай на спэктаклю Купалаўскага тэатру “Тутэйшыя”. Яна кансэрватыўная і недаверлівая, але ж адукаваная і абазнаная. Запрашаючы сёлета на цырымонію небеларускамоўных музыкаў, неаднойчы сутыкнуўся з такім пытаньнем: “Няўжо мы на нешта прэтэндуем, там жа ўзнагароджваюць беларускамоўных”. Так ёсьць, але з іншай нагоды – музыка, выкананая на сваёй мове мае куды большы попыт, яна самадастатковая і цікавая. Аднак, гэта не значыць, што трэба замыкацца самім у сабе, бо музыка – не літаратура і акрамя мовы мае яшчэ шмат складнікаў посьпеху. Уладальнікі галоўнай “Рок-Кароны” – гомельская Rasta таму пацьверджаньне – яны былі фактычна непрызнаныя ў сваёй краіне, але сталіся адной з самых папулярных айчынных камандаў у сьвеце. Цяпер іх прызналі і тут, і яны больш поўна адчулі сваю беларускасьць. Хоць на іх выступе тая публіка і ламанулася ў гардэроб. На жаль, чакаючы пры канцы ўздыманьня бел-чырвона-белага сьцягу, мы зусім забываемся на іншыя рэчы. Вартасьць і ўзаемапавагу, прынамсі.

Вартасьць
Дык на што зьвяртаць увагу найперш – на музычны складнік ці на ідэйны? Каб падобных пытаньняў не паўставала, сёлета на “Каранацыі” былі вызначаныя дакладныя крэтэры адбору намінантаў і зладжана празрыстае галасаваньне. Каб цікаўным было больш зразумела што адкуль бярэцца. Прэтэндэнт на Карону ацэньваўся не як знаёмы кагосьці з арганізатараў, не як пакрыўджаны на ранейшых цырымоніях. Яго музычны матэрыял, якасьць, знакавасьць, актуальнасьць, адпаведнасьць сусьветным музычным тэндэнцыям – выходзілі на першае месца. Яго актыўнасьць, няхай сабе і віртуальная, запатрабаванасьць, наяўнасьць канцэртаў і выступаў на фэстах, яго харызма ды імідж – гэта па-другое. І ягоная прысутнасьць у мэдыяпрасторы: Першы тэлеканал гэта ці незалежная радыёстанцыя – ня важна. Журы – выключна адмыслоўцы, якіх было не тры-пяць (як раней), а некалькі дзесяткаў. Можа таму перамог у намінацыі “Рок-выканаўца” адзін з топавых і прасунутых айчынных музыкаў Атмараві, а не ідэйны гурт Zet, які хоць і пяе пра насутнае, але аніяк не засьведчыў сваю прысутнасьць летась (не было ў музыкаў часу на гэты праект, відаць).
У намінацыях сёлетняй цырымоніі сутыкнуліся два розных музычных сьветы. І гэта варта захаваць. Калі і надалей Кроў будзе стаяць на адной сцэне хоць бы раз на год з “Городской тоской” (праект беларускіх прамоўтэраў Сярогі), Вайцюшкевіч з Rasta, а Ялфімаў з Zet – гэта і будзе на карысьць беларускай музыкі. Тады гэтыя выканаўцы ня будуць сядзець па сваіх кутах (анклявах, гэта), а на справе даказваць свае перавагі. Як музычныя, так і ідэйныя. А значыць набываць новых прыхільнікаў і самаўдасканальваецца. І яшчэ: толькі на падобных мерапрыемствах могуць зьявіцца новыя героі. Учора гэта былі “ляпісы”, “дзюбеля” ды “энэрэмы”, а заўтра імі стануць “маўзэры”, “Rasta” ды “бээны”.

Менавіта таму варта праводзіць “Рок-Каранацыю”.

P.S. Мінулыя рок-каралі напраўду перад самой цырымоніяй прыхварэлі. У Кульлінковіча быў грып, у Вольскага – бранхіт, у Пугача – ангіна:).
link10 comments|post comment

(no subject) [Dec. 20th, 2006|12:20 pm]
Каб паставіць кропку ў спрэчцы з неадэкватнасьцю аднаго з чальцоў гурта "Рэха"

Хочацца, каб вы зразумелі адну рэч: ТГ створаны не дзеля таго, каб дагаджаць музыкам (але - ваша праўда - і не для таго, каб зьняважаць іх). На нашу задуму, на ТГ мусяць зьяўляцца ня толькі хваласьпевы, але і крытычныя артыкулы. З адной толькі мэтай - вывесьці беларускую музыку са ступара, абудзіць да яе цікавасьць, выклікаць дыскусію, нават справакаваць шаноўных творцаў, каб не даць ім забранзавець, заскарузнуць, застацца на адным месцы ды актывізаваць хаду іх думак. Нармальная сусьветная практыка. Для ўсьведамленьня і здаровага ўспрыманьня такіх матэрыялаў, як камэнт Раманава варта бачыць мяжу паміж зьедлівасьцю і абразамі.
На жаль, асабіста вы засьведчылі, што пакуль дадзеную інфармацыю са сваіх нейкіх асабістых прычынаў, вы прымаць ня здольныя. Ваша бяда. І тут (увага!) вы робіце лягічную памылку: сваю ўласную бяду вы пераносіце на людзей, якія абсалютна не маюць да яе дачыненьня. ТГ - пасярэднік паміж грамадою і музыкамі, ён рэтраслятар. Пагадзіцеся, што ня надта разумна біць па тэлевізару малатком з той прычыны, што на яго экране распінаецца казіятка:)
Калі вядзецца пра маю рэакцыю на камэнтар паважанага мною Раманава (якога вы часьцяком, чамусьці, блытаеце з Шумам- гэта розныя людзі), то гэта мая справа. Мне яго было чытаць цікавей за шмат якія іншыя камэнтары, дый годзе (ізноў жа - камэнтар аўтэнтычны, мне не прыйшлося яго перакладаць з расейскай!). Тут таксама вы зрабілі лягічную памылку: ага, яму спадабаўся, як экспэрт напісаў, адсюль раўно - ён згодны з экспэртам!!!
Блазната, бачыце якая???

Нарэшце, пра трэцюю - самую распаўсюджаную сярод музыкаў - лягічную памылку. Ці ведаюць яны (журналісты гэтыя, што багамі сябе адчулі) ноты і партытуры, каб з нас (гаротных і тройчы на дзень не па праўдзе бэшчаных, музыкаў, значыць) зьдзеквацца, шкодзіць на кожным кроку ды ўказваць што нам пяяць ды як нам граць?!! Дык, шаноўная, яны не абавязкова мусяць тое ведаць, каб займацца гэтай справай (хоць я, да прыкладу, скончыў школу 145 з харавым ухілам:)). Тут ужо трэба адчуваць мяжу паміж муз.журналістам і музыказнаўцам (апошні - абавязкова мусіць ведаць). Яны мусяць разьбірацца ў тым, што пішуць і пісаць, а вы, музыкі, мусіце разьбірацца ў сваёй справе ды граць. Дзеля каго і чаго - ваша справа. Магчыма вы хочаце стварыць вакол сабе кола прыхільнікаў і не бачыць далей за яго, каб сьвярджаць сваю асобу тым самым і цешыць сваё самалюбства; можа вы проста дзеля душы тое робіце і наогул ня хочаце аніякага рэзансу (тады няма сэнсу ўдзелу ў гіт-парадах і канцэртах); а можа вы хочаце атрымаць водгук на вашую творчасьць, пабачыць рэакцыю людзей на свае вершы/песьні/музыку, адчуць, якія эмоцыі яна можа выклікаць у кожнага, чым яна падабаецца, а чым можа раздражняць??? Калі вы абіраеце апошні згаданы тут шлях, то навідавоку і чацьвертая лягічная памылка...

Так разумею, што прабачэньне Вы ўсё ж прынеслі (праўда, у нейкай дзіўнаватай форме), таму тэма вычарпана. "Рэха" працягвае барацьбу, Раманаву не падабаецца песьня "Бацькаўшчына", а мне падабаецца камэнтар Раманава. Няма праблемаў.
link2 comments|post comment

(no subject) [Jun. 3rd, 2006|05:37 pm]
Якія муз.фэстывалі праводзяцца ўлетку, да якіх рэальна-танна дабрацца зь Беларусі ды Ўкраіны? Хто што ведае? "Басовішча" не прапаноўваць:)
link2 comments|post comment

(no subject) [May. 25th, 2006|10:53 pm]
Паколькі нейкая халера звабіла завесьці ЖЖ, чаму я доўгія годы супрацьстаяў, то зьвярнуся да сваіх першых сяброў з такім наіўным пытаньнем: а што дае вам гэны ЖЖ?
link7 comments|post comment

(no subject) [May. 25th, 2006|02:37 pm]
Прысьпеў гэты час!
link8 comments|post comment

navigation
[ viewing | most recent entries ]

Advertisement